2024 г. — 80 гадоў з часу заснавання адкрытага акцыянернага таварыства «Кобрын-тэкстыль» (1944)
ААТ «Кобрын-тэкстыль» – прадпрыемства са шматгадовай гісторыяй,асноўным напрамкам дзейнасці якога доўгі час была вытворчасць рознай тэкстыльнай прадукцыі. Заснавана ў жніўні 1944 г. як арцель «Чырвоны сцяг». Рабочыя (каля 20 жанчын) уручную апрацоўвалі авечую воўну, на ўласных калаўротах пралі пражу, вязалі світэры, валялі валёнкі. У першыя пасляваенныя гады кожны разумеў неабходнасць хутчэйшага аднаўлення прадпрыемстваў, людзі працавалі з энтузіязмам.
2024 г. — 230 гадоў з пачатку дзейнасці Косаўскіх суконных прадпрыемстваў (Івацэвіцкі р-н; 1794–1914)
Вядучай галіной прамысловасці Беларусі ў першай палове ХІХ ст. заставалася суконная. У цыркуляры міністра ўнутраных спраў за 1808 г. указвалася на неабходнасць павелічэння колькасці суконных мануфактур у беларускіх губернях. З мэтай заахвочвання стваральнікам суконных прадпрыемстваў даваліся дзяржаўныя пазыкі, аказвалася дапамога ў найме працоўнай сілы. Суконныя прадпрыемствы былі пастаўшчыкамі сукна для арміі,урад быў зацікаўлены ў іх развіцці.
9 сакавіка 2023 г. – 25 гадоў з часу заснавання сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю «ВП Палессе» г. Кобрына (1998), аднаго з буйнейшых вытворцаў пласмасавых дзіцячых цацак
Гісторыя «ВП Палессе» пачынае свой адлік з 9 сакавіка 1998 г. На арандаванай пляцоўцы ў 200 кв. м калектыў з дзесяці чалавек на адзіным ручнымвыдуўным станку выдаў першую прадукцыю – пірамідкі. Гэты станок сёння з’яўляецца адной з рэліквій прадпрыемства і беражліва захоўваецца як музейны экспанат.
2020 г. — 55 гадоў з пачатку будаўніцтва ААТ «Прамыслова-гандлёвае аб’яднанне „Палессе“» (Пінск; 1965), буйнейшага ў Беларусі вытворцы верхніх трыкатажных вырабаў
Гісторыя ААТ «Палессе» пачынаецца з 27 студзеня 1965 г., калі ў г. Пінску Брэсцкай вобласці пачалося ўзвядзенне вытворчых карпусоў прадпрыемства лёгкай прамысловасці — камбіната верхняга трыкатажу. Вясной 1966 г. будоўля была аб’яўлена Усесаюзнай камсамольскай. У кароткі час былі ўведзены ў эксплуатацыю тры фабрыкі са скончаным тэхналагічным цыклам: трыкатажная магутнасцю 12,5 млн штук верхняга трыкатажу ў год (1968); камвольнай пражы на 39,9 тыс. верацён (1970); аб’ёмнай пражы на 20,1 тыс. верацён (1972).
2020 г. — 140 гадоў з часу адкрыцця ЗАТ «Холдынгавая кампанія „Пінскдрэў“», створанага на базе фанернай фабрыкі акцыянернага таварыства братоў Лур’е (Пінск; 1880)
Аднаму з буйнейшых дрэваапрацоўчых холдынгаў у сучаснай Еўропе — беларускай кампаніі «Пінскдрэў» — пачатак паклалі аўстра-венгерскія капіталісты браты Ліпа і Аляксандр Лур’е ў 1880 г. Ля вытокаў «Пінскдрэва» была фабрыка шавецкіх шпілек і фанерных скрынь братоў Лур’е ў г. Пінску, на якой у 1900 г. працавалі 566 чалавек.
2016 г. – 70 гадоў з часу стварэння Пінскай фабрыкі мастацкіх вырабаў «Крыніца Палесся», рэспубліканскага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства (Пінск; 1946)
Гісторыя Пінскай фабрыкі мастацкіх вырабаў «Крыніца Палесся» пачалася са стварэння ў снежні 1946 года арцелі імя «8 Сакавіка», дзе працавалі 16 чалавек. Першая прадукцыя арцелі – жаночыя сукенкі, блузкі, мужчынскія кашулі, абрусы, накідкі – была ўпрыгожана ручной мастацкай вышыўкай у тэхніцы «крыж», «падліковая роўнядзь», «свабодная роўнядзь», машыннай вышыўкай «тамбур» і інш. Вялікая разнастайнасць гафту з тонкімі і складанымі ўзорамі, якія захаваліся ў былых работніц фабрыкі, сведчыць аб высокім майстэрстве пінскіх вышывальшчыц.
26 кастрычнiка 2014 г. – 75 гадоў з часу стварэння (1939) ААТ «Баранавіцкая абутковая фабрыка»
Баранавіцкая абутковая фабрыка створана ў верасні 1939 года згодна з загадам Народнага Камісарыята лёгкай прамысловасці БССР як фабрыка індывідуальнага пашыву абутку. Дзейнасць фабрыкі пачалася 26 кастрычнiка 1939 года. Яе асноўнай задачай было забеспячэнне насельніцтва скураным абуткам: мужчынскім, жаночым і дзіцячым.
16 ліпеня 2014 г. – 50 гадоў з часу адкрыцця Брэсцкай фабрыкі сувеніраў (1964)
Вытворчасць сувеніраў у г. Брэсце пачалася яшчэ ў 1953 годзе, калі ў мэблевай арцелі “Стаханавец” стварылі цэх, дзе асвоілі і пачалі выпускаць распісныя цацкі – матрошкі. У 1960 годзе шляхам далучэння цацачнага цэху арцелі да цэху папяровай і ватнай цацкі была створана фабрыка дзіцячай цацкі імя Кастрычніцкай рэвалюцыі. У сувязі са значным павялічэннем асартыменту і аб’ёмаў выпуску вырабаў сувенірнага назначэння 16 ліпеня 1964 года фабрыка дзіцячай цацкі была пераўтворана ў Брэсцкую фабрыку сувеніраў. Былі ўзведзены будынкі фабрыкі на вул. Янкі Купалы, 5.
2014 г. – 70 гадоў з часу заснавання (1944) ААТ «Баранавіцкая швейная фабрыка»
У горадзе Баранавiчы Баранавіцкай вобласці (з 1954 г. у Брэсцкай вобласці) 8 жніўня 1944 года на базе швейнай майстэрні была афіцыйна зарэгістравана Баранавіцкая дзяржаўная швейная фабрыка.
120 гадоў з часу заснавання запалкавай фабрыкі “Прагрэс-Вулкан” (1892)
Гісторыя Пінскай запалкавай фабрыкі пачынаецца з 1892 г.